НЕЎРАЛО́ГІІ, НЕЙРАХІРУРГІ́І І ФІЗІЯТЭРАПІ́І НДІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1924 у Мінску на базе клінікі нерв. хвароб мед. ф-та БДУ і псіханеўралагічнага дыспансера як Дзярж. ін-т фізіятэрапіі. У 1930 рэарганізаваны ў Ін-т фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі, з 1946 НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, з 1949 Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1995 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: парушэнні мазгавога і спіннога кровазвароту; выкарыстанне розных метадаў дыягностыкі і лячэння гіпербарычнай аксігінацыі і дазіраванай гіпабарычнай гіпаксіі пры розных захворваннях нервовай сістэмы; асаблівасці клінікі, дыягностыкі і лячэння міястэніі; распрацоўка дыягностыкі і аператыўнага лячэння пухлін рознай этыялогіі, запаленчых працэсаў, а таксама абсцэсаў галаўнога і спіннога мозга; рэабілітацыя пацыентаў з рознымі захворваннямі нерв. сістэмы (выкарыстанне мануальнай і лазернай тэрапіі, генезатэрапіі, фонафарэзу і інш.). Пры ін-це працуюць цэнтры: спінальных захворванняў, міястэніі і мікранейрахірургіі, Рэсп. цэнтр па рэабілітацыі хворых з сасудзістымі парушэннямі галаўнога мозга. У ін-це працавалі М.І.Грашчанкаў, М.Б.Кроль, Д.А.Маркаў, працуе І.П.Антонаў і інш.
В.Б.Шалькевіч.
т. 11, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)